СЮРРЭАЛІЗМ… ЯК ПРАГА ЛЮБОВІ

“Сярожа вельмі тупы” Дзмітрыя Данілава

ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы

Драматург Дзмітрый Данілаў – лаўрэат Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” (2018) за п’есу “Чалавек з Падольска”, на нашай сцэне пастаўленай у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры рэжысёрам Дзмітрыем Багаслаўскім. Другім зваротам да творчасці расійскага літаратара стаў спектакль “Сярожа вельмі тупы” у пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Фёдарава ў Брэсцкім тэатры Ленкама.

Глядацкія месцы падчас паказу гэтага спектакля размяшчаюцца з трох бакоў, уключаючы бескаркасныя VIP-крэслы. Сама сцэна ўяўляе сабой квадратны памост, свайго роду сцэну-скрынку з празрыстымі, умоўнымі сценкамі. Сцэнічны дызайн фармуюць лямпы з бліскучымі плафонамі і экран, што скупа выкарыстоўваецца для адлюстравання рэальных і фантастычных відэазванкоў (сцэнограф – Фёдар Калодзіч). Касцюмы персанажаў дакладна і падрабязна ствараюць вобразы нашых сучаснікаў (мастак – Таццяна Карвякова). У спектаклі гучыць музыка ў стылі “лаўндж”, адмыслова напісаная брэсцкім электронным кампазітарам Дзмітрыем Рамановічам, які працуе пад псеўданімам AVIAVI – і гэта натуральны свет хіпстэрскіх кавярняў, буцікаў, лофтаў і сталічных офісаў IT-кампаній.

Сюжэт п’есы дакладна ўкладаецца ў біблейскі архетып “Гасціннасць Аўраама”, дзе фігуруюць тры Анёлы (тры кур’еры розных пакаленняў – усе яны родам з Узды і клічуць іх Мікалаямі), Аўраам (айцішнік Сярожа) і Сарра (дызайнерка Маша – жонка Сярожы). У спектаклі іграюць вядучыя акцёры брэсцкай сцэны – Міхаіл Ільіч (Сярожа), Яўгенія Гадун (Маша), Генадзь Чурыкаў, Вячаслаў Цыцкоўскі і Іван Гізмант (кур’еры). Артысты працуюць ва ўсёй прасторы малой залы, час ад часу імправізуючы з гледачамі.

Паводле Старога запавету, Гасподзь зьявіўся Аўрааму ў вобразе трох мужоў-падарожнікаў, трох Анёлаў, абвясціўшы, што састарэлая Сарра народзіць Ісаака, сын якога Якаў стане родапачынальнікам “плямёнаў Ізраілевых”, а гэта значыць новай цывілізацыі. Аднак у сям’і Сярожы цуд не здарыцца, таму што, падгавораны Машай, ён выкіне фанерную скрыню, якую прынеслі загадкавыя кур’еры. Маленькая скрыня – гэта ненароджанае дзіця, бо з першых дзён жыцця чалавек змяшчаецца грамадствам у футляр нормаў і чаканняў. У сваю чаргу, вялікая скрыня ў інтрадукцыі – сацыяльная абалонка Сярожы. З’яўленне галоўнага героя рэжысёр вызначае як стварэнне Адама, які арганізуе прастору вакол сябе пры дапамозе ўдала падабранага рэквізіту, што адлюстроўвае матэрыяльны свет сучаснага трыццацігадовага мужчыны. Тая ж вялікая скрыня ў фінале – грабніца неадбыўшагася патрыярха лічбавай, “пасляпатопнай” эры. Смерць паўстае ў спектаклі як нешта будзённае, сярод пустой балбатні за вячэрнім куфлем віна.

Вобраз Машы і яе імідж (яна ў стылёвых буйных акулярах і белым шаўковым капюшоне) ствараюць ілюзію прысутнасці гераіні на працягу ўсяго дзеяння, нягледзячы на тое, што яна з’явіцца толькі ў другім акце, нібы Сарра, якая хавалася за полагам шатра і падслухоўвала размову Аўраама з Анёламі. Сярожа нават няздольны пабудаваць дыялог з незнаёмцамі, але Маша ветліва частуе іх гарбатай і спілкуецца з імі так, нібы добра ведала, што візіт павінен быў адбыцца, нібы яна ў змове з няпрошанымі гасцямі, а гэта значыць ведае аб сваёй цяжарнасці. Наступныя танец і рэп-маналог Машы раскрываюць сутнасць яе адносін з мужам.

Пастановачны жанр “road movie” у поўнай меры адпавядае драме Данілава, у якой аўтар звяртаецца да уласцівым рускай культуры ідэям будучыні народа і пошуку ўнікальнага шляху. У творы выразна асуджаюцца індывідуалізм, спажывецкія каштоўнасці, імкненне да імгненнага камфорту. Кантрапунктам становіцца гутарка пра веру ў Бога ля старадаўняй бабулінай іконы з інфернальнымі пасыльнымі, якія прайшлі падрыхтоўку ў невядомай Акадэміі персанальнай лагістыкі. У гэтым эпізодзе ўводзіцца Багародзічны абраз “Замілаванне” як сімвал жадання Любові, якое ўвесь час адчувае чалавечая душа. Іранічна гучыць стылізацыя пад данскую казачую песню ў выкананні кур’ераў (на жаль, сцэнічная мова і вакал у спектаклі павінны быць больш дасканалымі).

Да ашалеласці даводзіць гледача танец і слоган пасыльных – дакучлівая рэклама службы дастаўкі, што працуе па адрасе, якога не існуе ў Мінску. Усе пазаштатныя сітуацыі ў працы службы адбываюцца на мяжы жыцця і смерці: вымушаная хірургічная аперацыя, выратаванне атрымальніка ад суіцыду, памінальная літургія. Адрыў IT-праслойкі ад жыцця грамадства, парушэнне “сувязі часоў” высмейваюцца ў дзеі, дзе кур’еры гуляюць з Сярожам у “гарады”, а той здзіўляецца нават таму, што дзесьці ёсць горад пад назвай Узда.

Рэжысёрскае вырашэнне п’есы і спосаб існавання артыстаў сюррэалістычныя, але не абсурдныя – звычайна, драматургія Данілава класіфікуецца менавіта так. Ролю адпраўніка таямнічай пасылкі (у вызначанай іканаграфіі – Бога Айца) на відэа, што транслюецца на экран, сыграў сам рэжысёр.

У сучасным рэпертуары Брэсцкага тэатра драмы – трэба адзначыць, вельмі кансерватыўным – спектакль “Сярожа вельмі тупы” выглядае асобным і самадастатковым. Падчас бабінага лета альтэрнатыўны напрамак у творчасці тэатра на XXIV Міжнародным фестывалі «Белая Вежа» будзе прадстаўлены менавіта гэтай сцэнічнай працай.

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16398

Дмитрий Еромолович-Дащинский
Дмитрий Еромолович-Дащинский

магистр искусствоведения, театральный критик, историк театра,
член Национального союза театральных деятелей Украины